ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,

газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн. т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.

В.І.Корбут.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)